RZ
Вершы (Максiм Багдановiч)
Исполнитель: RZ
Длительность: 03:07
Формат: mp3
Ну как песня, понравилась? Поделись с друзьями!
Текст песни "RZ — Вершы (Максiм Багдановiч)"
На небе месяц ўстаў зялёны
І хутка стане снегавым...
Над лесам, дзе шапочуць клёны,
У небе месяц ўстаў зялёны...
Ўсё спіць. Не бачыць свет стамлёны,
Што, свецячы праз хмарак дым,
У небе месяц ўстаў зялёны
І хутка стане снегавым.
**********************
Добрай ночы, зара-зараніца!
Ўжо імгла над зямлёю лажыцца,
Чорнай рызай усё пакрывае,
Пылам зор небасхіл абсявае.
Цішыня агартае мне душу.
Вецярок прыдарожную грушу
Ледзьве чутна варуша-калыша,
Міла бомы смяюцца ў цішы,
Ціха срэбрам грукае крыніца.
Добрай ночы, зара-зараніца!
**********************
Учора шчасце толькі глянула нясмела, –
I развеяліся хмары змрочных дум.
Сэрца чулае і млела, і балела,
Радасць душу мне шчаміла, быццам сум.
Усё жыццё цяпер, як лёгкая завея.
Кнігу разгарнуў – а не магу чытаць.
Як зрабілася, што пакахаў цябе я, –
Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць?
**********************
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкi з сабой прывяла...
Помнiш, калi я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное i зорку шукаў.
Цiхiм каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, – у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...
**********************
Ўжо пара мне дадому збірацца, -
Вечар позны, а час не стаіць.
Ах, калі б ты магла здагадацца,
Як не хочацца мне ухадзіць.
Там, на вулцы, ні сівер, ні бура,
Там адно толькі - мрок, самата.
Але як я маркотна, панура
Да свайго пацягнуся кута.
Думкі нудныя зноў закружацца.
Сэрца чулае зноў забаліць..
Ах, калі б ты магла здагадацца,
Як не хочацца мне ухадзіць.